Сусветныя «лёгкія» ў квадраце. Што такое балотныя лясы Беларусі, і як іх зберагчы?

  • Раздел: Леса
  • Автор: forest.land
  • Дата: 20.03.2024, 06:12

Беларускія балоты — гэта лёгкія Еўропы, лясы — лёгкія планеты. А калі лес расце на балоце, то гэта ўсё ў квадраце? Разбіраемся, што такое балотныя лясы, якія функцыі яны выконваюць, і як іх лепей выкарыстоўваць.

З самой назвы можна зразумець, што балотныя лясы — гэта тыя, што растуць на балотах. ЮНЭП класіфікуе іх як умераныя і паўночныя лясы прэснаводных балотаў. У сваю чаргу, балоты бываюць розных тыпаў — верхавыя, нізінныя і пераходныя. Адпаведна падзяляюцца і балотныя лясы.

Дакладную колькасць ніхто не ведае

З 9,7 млн га плошчы ляснога фонду Беларусі балотныя лясы складаюць крыху больш за 1,5 млн га (каля 15%). Прычым дакладную плошчу сказаць складана. Розныя аўтары і крыніцы прыводяць розныя лічбы, нават грунтуючыся на адных і тых жа статыстычных звестках уліку ляснога фонду.

Напрыклад, эксперт міжнароднай компании Preferred by Nature, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Сяргей Мінкевіч лічыць, што ў Беларусі 1,74 млн га балотных лясоў. Былы загадчык лабараторыі экалогіі лесу і дэндрахраналогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Максім Ермохін мяркуе, што каля 1,6 млн га. Прафесар лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доктар сельскагаспадарчых навук Лявон Ражкоў у адным са сваіх апошніх артыкулаў, прысвечаных балотным лясам, называе плошчу, роўную 1,73 млн га.

«На самой справе ніхто не ведае, колькі іх у нас. Адзіная крыніца, па якой можна больш-менш добра палічыць плошчу балотных лясоў, — Лясны кадастр, які складае прадпрыемства “Белдзяржлес”. У ім ёсць табліцы размеркавання балотных лясоў па пародах і паводле тыпаў лесу. Напрыклад, існуюць канкрэтна балотныя тыпы лесу, ёсць сухадольныя, а ёсць і такія, якія фармальна можна аднесці да балотных, але на мясцовасці бачна, што частка гэтых лясоў не балотныя, а сухадольныя. Ці, наадварот, некаторыя сухадольныя падобныя да балотных», — тлумачыць Максім Ермохін.

Тып лесу — гэта лесагаспадарчая класіфікацыйная катэгорыя. Яна паказвае спецыялісту, якія ўмовы для росту лесу на той ці іншай тэрыторыі, вільготнасць і багацце глебы. І найчасцей залежыць ад назваў травяністых раслінаў-індыкатараў альбо імхоў, якія складаюць жывы наглебавы покрыў — чарнічнікавы, асаковы, сфагнавы, папарацевы і г.д.

«Можна дакладна сказаць, што на 100 адсоткаў балотных лясоў каля 1,1 млн га. Але яшчэ ёсць каля 1 млн га экатонных. Сярод іх, напрыклад, доўгаімховы тып лесу. Менавіта да яго таксатары могуць адносіць як балотныя, так і небалотныя лясы. Таму палову з экатонных складаюць балотныя лясы. А яшчэ існуе вельмі значная частка асушаных лясоў. Іх зараз таксуюць як чарнічнікі, а на самой справе там можа быць 2 метры торфу, і яны павінны быць балотнымі. Таму гэтыя ацэнкі вельмі прыблізныя», — удакладняе Максім Ермохін.

Рэзерваты біяразнастайнасці і паглынальнікі вугляроду

У Беларусі пераважаюць нізінныя балотныя лясы — то бок тыя, што растуць на нізінных балотах. Асноўныя пароды, якія іх складаюць, — альха чорная і бяроза пухнатая. Плошча такіх лясоў, паводле звестак таго ж прафесара Ражкова, — 82,7% ад агульнай тэрыторыі балотных лясоў краіны. І менавіта яны прыцягваюць да сябе ўвагу моцных гаспадарнікаў ад лесакарыстання, бо там даволі высокія запасы драўніны. Спецыялісты спрачаюцца, што выгадней — высекчы нізінныя балотныя лясы і спрабаваць зарасціць высечкі па-новай ці выкарыстоўваюць іх экалагічныя карысныя функцыі.

Верхавыя балотныя лясы рэспублікі прадстаўленыя ў асноўным нізкабанітэтнымі і нізкапаўнотнымі саснякамі. Нарыхтоўшчыкаў драўніны яны практычна не цікавяць, таму пра іх захаванне спрэчка не вядзецца. А вось чарнаалешнікі і бярэзнікі на нізінных ці пераходных балотах сапраўды робяцца каменем сутыкнення для прыхільнікаў розных поглядаў на прыроду.

Варта сказаць, што нізінныя балотныя лясы з’яўляюцца ўнікальнымі рэзерватамі біялагічнай разнастайнасці. Там жыве вялікая колькасць самых розных жывёл, расце шмат розных, у тым ліку і вельмі рэдкіх раслінаў, грыбоў, імхоў, лішайнікаў. Але акрамя гэтага яны яшчэ і выконваюць вельмі важную экалагічную функцыю — назапашваюць вуглярод з атмасферы, які, як вядома, пагражае планеце парніковым эфектам.

«Лесавугляродны пул Беларусі амаль на тры чвэрці прадстаўлены арганічным вугляродам глебы (73,37%). У лясным фондзе на працяглую кансервацыю з цыкла біякругазвароту выведзены амаль дзве траціны аб’ёмаў паглынутага вугляроду балотных лясоў (1,64 млрд т С) і земляў пад балотамі (0,5 млрд т С)», — напісана ў Нацыянальным плане дзеянняў для павелічэння абсорбцыі парніковых газаў паглынальнікамі да 2030 года, які ў 2019 годзе зацвердзіла Міністэрства лясной гаспадаркі.

Шмат увагі вываду з атмасферы і назапашванню вугляроду ў торфе і драўніне балотных лясоў надаў у сваіх даследаваннях і згаданы вышэй прафесар Лявон Ражкоў.

*«Асноўныя запасы вугляроду (93,9%) назапашаныя ў глебе балотных лясоў. На долю вугляроду фітамасы прыпадае ўсяго 5,6% лесабалотнага пулу вугляроду. У малы біялагічны кругазварот залучана толькі 32% запасу вугляроду балотных лясоў (фітамаса + мёртвая драўніна + подсціл + арганічны вуглярод 30-сантыметровага пласту глебы). Заўважым, што ў лясах па сухадолу ўвесь дэпанаваны вуглярод (100%) засяроджаны ў зоне абмену (кругазвароту) паміж жывой і нежывой кампанентай лясной экасістэмы. У гэтым палягае важная функцыя беларускіх балотных лясоў — кансервацыя атмасфернага вугляроду ў выглядзе торфу (прыблізна 1,2 млрд т С альбо 68% ад ягоных агульных запасаў на пакрытых лесам землях)»*, — пісаў навуковец у сваім артыкуле «Вугляродны бюджэт балотных лясоў Беларусі».

Балотныя лясы могуць прыносіць 47 млн даляраў штогод

Менавіта здольнасць балотных лясоў найбольш эфектыўна з усіх экасістэмаў паглынаць і кансерваваць атмасферны вуглярод прапануецца выкарыстоўваць у тым ліку і для атрымання эканамічнага эфекту ў рамках Парыжскага пагаднення, падпісанага на Канферэнцыі па клімаце ў 2015 годзе. Асноўная яго мэта — спыненне глабальнага пацяплення. А галоўны шлях, прадугледжаны ў пагадненні, — зніжэнне выкіду парніковых газаў рознымі краінамі.

Той жа прафесар Ражкоў разглядаў у сваіх даследаваннях магчымасці атрымання эканамічнага эфекту за кошт продажу вугляродаквотаў — памеру секвестру атмасфернага вугляроду балотнымі лясамі ў абмен на выкіды іншых краінаў, якія пакуль не здольныя гэтыя выкіды зменшыць і не маюць прыродных паглынальнікаў атмасфернага вугляроду. Прыбытак ад продажу такіх квотаў Ражкоў ацэньваў у 47 млн даляраў штогод.

А вось Максім Ермохін да перспектыў атрымліваць эканамічную выгаду ад продажу вугляродных квотаў ставіцца скептычна:

«На мой погляд, ніякай эканамічнай выгады не будзе. Дагэтуль ніхто нармалёва не прадае вугляродныя квоты. Гэта ўвогуле такі гандаль паветрам. І мне падаецца, што ў нашых рэаліях наўрад ці гэта будзе нармалёва працаваць. Тым не менш, паколькі Беларусь Парыжскае пагадненне падпісала, то з гэтага пункту гледжання спрабуюць нешта рабіць, падрыхтавалі Стратэгію адаптацыі лясной гаспадаркі да зменаў клімата і План мерапрыемстваў да 2030 года».

У гэтых дакументах ідзе гаворка пра змену рэжыму карыстання ў балотных лясах на прыродаахоўны. Праўда, прапаноўваецца для такіх мэтаў толькі 15% ад агульнай плошчы балотных лясоў. І ў прынцыпе, лесагаспадарнікі могуць цалкам выключыць з разліковых запасаў драўніны верхавыя і частку пераходных балотных лясоў, якія і так не выкарыстоўваюцца праз іх нізкую прадукцыйнасць запасаў драўніны.

Наколькі эканамічна выгадна высякаць балотныя лясы?

Што ж да лесанарыхтовак у нізінных і пераходных балотных лясах, то гэтыя лясы ў цяперашняй лясной гаспадарцы разглядаюцца менавіта як крыніцы драўніны. Паводле звестак таго ж прафесара Ражкова, сярэдні запас балотных ельнікаў — 189 м3 на гектар, чарнаалешнікаў — 158 «кубоў», бярэзнікаў — 189 кубаметраў на гектар. А гэта аб’ёмы, якія проста так аддаваць прыродзе для натуральнага існавання экасістэмаў гаспадарнікі не надта хочуць.

Але тут ёсць нюанс: цяжкадасяжнасць такой драўніны. Пераўвільготненыя месцы росту насаджэнняў патрабуюць, па-першае, будаўніцтва туды лесагаспадарчых дарог, а па-другое, выкарыстання адмысловай тэхнікі і тэхналогій. Сёння лесагаспадарчыя арганізацыі не пралічваюць эканамічную акупляльнасць гэтых мерапрыемстваў і сабекошт нарыхтаванай з іх дапамогай драўніны.

У Мінлясгасе існуюць штогадовыя планы будаўніцтва не менш за 100 кіламетраў лесагаспадарчых дарог, якія часцей за ўсё якраз у балотныя лясы і будуюцца. Задавальненне гэтае не з танных, фінансуецца з дзяржбюджэту. А вось у сабекошт нарыхтаванай у балоце драўніны выдаткі не ўключаюцца. Таму і не бачна, наколькі эканамічна выгадна (ці не) высякаць нізінныя і пераходныя балотныя лясы.

«На мой погляд, зараз ніхто не лічыць: калі можна ўзяць гэтую драўніну, то спрабуюць узяць. У лясгасаў ёсць план будаўніцтва дарог. А дзе іх пабудаваць? Там, дзе можна нешта высекчы! Лясгасы прыкідваюць, дзе будзе большы прыбытак. Але не ацэньваюць рэнтабельнасць, бо будаўніцтва ажыццяўляецца за кошт бюджэту», — кажа Максім Ермохін.

Тым не менш спажыўцы не адмаўлюцца распрацоўваць балотныя лясы для нарыхтоўкі драўніны. Але пры гэтым лесасекі практычна ніколі не адсаджваюць ляснымі культурамі праз тое, што нешта садзіць на такіх пераўвільготненых глебах вельмі праблемна. Дзялянкі проста пакідаюць пад натуральнае зарошчванне. І тут ёсць рызыка кардынальнай змены самой лясной экасістэмы.

Высечкі парушаюць кругазварот вады

«На тэрыторыі Беларусі добра відаць 7-гадовую цыкліку ў кліматычных параметрах — то цяплей, то халадней, то больш вільгаці, то менш. Таму можа атрымацца так, што, калі мы высечам у вільготны перыяд, тэрыторыя пэўны час можа быць забалочанай, і лесаўзнаўленне будзе абцяжарана. Так у 2019 годзе ў Столінскім лясгасе мы даследавалі першабытныя лясы. Вялікія масівы былі намаляваныя як чарнаалешнікі, але значная частка — гэта сумесь алешын і вярбы. У 1960-1980-я там былі буйныя высечкі чарнаалешнікаў, якія пакінулі пад натуральнае зарошчванне, і гэта ўсё зарасло вярбой. І трэба яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, каб расліны трансфармаваліся ў нармальны лес. Таму рызыка, што тэрыторыя пасля высечак забалоціцца, існуе, але не ва ўсіх месцах і не ва ўсе перыяды. Але ж на гэта ніхто не глядзіць», — гаворыць Максім Ермохін.

Варта адзначыць, што такіх забалочаных і потым зарослых хмызняком дзялянак пасля высечкі вольхі ў балотных лясах дастаткова шмат. Вольха і бяроза на вільготных глебах з’яўляюцца моцнымі водарэгулятарамі. І калі асноўны дрэвастой высякаецца, натуральны кругазварот вады таксама парушаецца — вільгаць не ўсмоктваецца і не выпараецца ў паветра дрэвамі, а застойваецца. Часам у першыя гады на такіх дзялянках утвараюцца цэлыя азёры. Такім чынам высечкі балотных лясоў здольныя на працяглы час цалкам змяніць лясную экасістэму на нелясную.

У сухадольных тыпах лесараслінных умоў у Беларусі можна праводзіць больш экалагічныя паступовыя і выбарковыя высечкі галоўнага карыстання, пры якіх тэрыторыя ўвесь час знаходзіцца пад дрэвамі. У балотных лясах яны нават не прадугледжаныя Правіламі высечак. Пры раўнамерна-паступовых высечках вялікая рызыка ветравалу пакінутай часткі дрэвастою. А выбарковыя высечкі, калі асноўны дрэвастой забіраюць за некалькі прыёмаў, паміж якімі мусіць прайсці некалькі гадоў, увогуле губляюць эканамічную мэтазгоднасць для лесанарыхтоўшчыка.

Секчы альбо захаваць?

Што ж лепш для грамадства — секчы балотныя лясы ці ахоўваць? Натуральна, такія каштоўныя масівы пажадана было б зберагчы, пакідаючы ім экалагічныя функцыі. Але сучаснае грамадства патрабуе і драўніну.

«З экалагічнага пункту гледжання можна захоўваць усё і нічога не секчы — гэта найлепшы варыянт. Але ёсць і эканамічная патрэба. І таму варта глядзець на структуру і гісторыю развіцця падобных насаджэнняў. У Беларусі ёсць так званыя першабытныя лясы, якія не закраналіся дзейнасцю чалавека, альбо гаспадарчы ўплыў на іх быў мінімальны. І ў асноўным, адсоткаў на 80, гэта менавіта балотныя лясы. Напрыклад, на Палессі мы вылучылі каля 80 000 га такіх малапарушаных экасістэмаў. Такія лясы трэба абавязкова захоўваць. Але ў нас ёсць масівы тых жа чарнаалешнікаў, для высечкі якіх у другой палове мінулага стагоддзя пракладалі вузкакалейкі. Магчыма, іх можна выкарыстоўваць для нарыхтоўкі драўніны і зараз. У прыродаахоўным заканадаўстве існуе такая катэгорыя, як рэдкія біятопы. І гэта таксама механізм захавання балотных лясоў, бо шмат якія з іх якраз і з’яўляюцца тымі самымі рэдкімі біятопамі. Таму трэба заўжды шукаць нейкі баланс», — падсумоўвае навуковец Максім Ермохін.


Перадрук матэрыялаў магчымы толькі з указаннем актыўнай спасылкі на артыкул на наш рэсурс.

© Photo by form PxHere
Верхавое балота. Часта ў савецкія часы асушэннем балот імкнуліся дабіцца пашырэння сельскагаспадарчых зямель і пад вырошчванне лясоў.
Верхавое балота. Часта ў савецкія часы асушэннем балот імкнуліся дабіцца пашырэння сельскагаспадарчых зямель і пад вырошчванне лясоў.© pxhere.com